Сённяшняя бібліятэка — гэта інтэлектуальны дом

Выдатна, што ў краіне ёсць такое свята, як Дзень бібліятэк — гэта падзея ў жыцці кожнага чалавека, які імкнецца да ведаў. Сённяшняя бібліятэка — гэта інтэлектуальны дом, у якім сучасны бег  жыцця знаходзіць сваё адлюстраванне.

Бібліятэка — гэта будынак, матэрыяльны аб’ект. А бібліятэкары даюць ім сапраўднае жыццё. І толькі дзякуючы  прафесіяналізму, вопыту, шырокім ведам біліятэкараў нашы ўстановы становяцца запатрабавальнымі ў карыстальнікаў. Сучасны бібліятэкар — гэта не толькі знаўца літаратуры. Ён разбіраецца ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях, праводзіць розныя мерапрыемствы, наладжвае прэзентацыі кніжных выстаў. Акрамя таго, сучасны спецыяліст нашай сферы займаецца асветніцкай і грамадскай дзейнасцю.

Прызнаннем высакароднай місіі бібліятэк на ўзроўні дзяржавы з’яўляецца прыняцце праграмы “Культура Беларусі на 2011-2015 гг.”, дзе выкладзены асноўныя мэты развіцця бібліятэчнай сістэмы да 2015 года — забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў розных груп карыстальнікаў. Бібліятэкі нашай сістэмы прадстаўляюць карыстальнікам не толькі  такі від дакумента, як кніга і перыядычнае выданне, а і электронны дакумент. Трынаццаць бібліятэк маюць выхад у інтэрнэт і электронную пошту,  ствараем электронныя базы даных краязнаўчай тэматыкі і прадстаўляем іх карыстальнікам. Электронны каталог сістэмы налічвае 55,5 тыс. запісаў. Праз наш сайт да нас прыходзяць запыты самай рознай тэматыкі з розных куткоў свету.

Вось толькі адзін з прыкладаў: на пачатку года да нас прыйшоў запыт  выдавецтва з Германіі аб нашым знакамітым земляку Цішку Гартным. Мы  выслалі звесткі і фотаздымкі. У бягучым годзе цэнтральная раённая бібліятэка імя А. Астрэйкі атрымала праз віртуальны чытальны зал Нацыянальнай бібліятэкі доступ да сусветнай базы перыядычных выданняў “ІНТЭГРУМ”. Калі ласка, у рэжыме рэальнага часу перыядычныя выданні даступны нашым карыстальнікам.

Бібліятэкам дзяржава дэлегіруе функцыю захавальніцы духоўнай спадчыны. Ад  выдавецтва “Беларускі Экзархат” у дар мы атрымалі ўнікальнае факсімільнае выданне “Слуцкае Евангелле”. Прэзентацыя гэтага  шэдэўра выклікала цікавасць чытачоў усіх узростаў.  Дапаўненнем да гэтага мы даём у карыстанне чытачам электронны варыянт выдання. Мы працуем не толькі над абнаўленнем і стварэннем інфармацыйнага рэсурсу, але і выконваем асветніцкую місію.  Значнай падзеяй для бібліятэкараў і чытачоў сталі прэзентацыі кніг Ніны Русаковіч ”Пра песню народную, “Неруш” і Валянціну” і Леаніды Падвойскай “Предтечи зверя”. Цікава і змястоўна працуюць Быстрыцкая, Вялікараёўская, Цімкавіцкая, Семежаўская,  Грозаўская сельскія бібліятэкі па мэтавай праграмме “Разам з кнігай мы расцём”. Раёнка расказвала, якую цікавасць выклікалі мерапрыемствы дзіцячай бібліятэкі — тэатралізаванае прадстаўленне “Незвычайныя прыгоды Бабы Ягі і Бармалея” да Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі і “Свята дзяцінства” падчас летніх канікул, мерапрыемствы Скабінскай сельскай бібліятэкі.

У бягучым годзе паспяхова рэалізуецца праект кіналекторыяў сумесна з “Кінавідэапракатам”, і краязнаўчы лекторый з раённым радыё.  Сапраўдным падарункам для жыхароў аддаленных вёсак сталі выезды бібліёбуса. Бібліятэка на колах стала сябрам розных катэгорый чытачоў. Адметна тое, што і нам жыхары вёсак дораць кнігі і часопісы.

Ва ўсе часы бібліятэка з’яўляецца духоўна-асветніцкім цэнтрам. Працяглая работа бібліятэк сістэмы па маральна-духоўным выхаванні дала плённы вынік. Семежаўская сельская бібліятэка выйшла пераможцай ХІХ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”. Эфектыўнае ўзаемадзеянне бібліятэкі з настаяцелем Кіявіцкага храма па праграме “Будуем храм у душах” атрымала высокую ацэнку.  Бібліятэкі  атрымліваюць прызнанне ў чытачоў толькі тады, калі ўдала спалучаюць у сваёй рабоце функцыю абслугоў- вання і асветніцкую. Радуе тое, што абнаўляецца бібліятэчная прастора бібліятэк. Да свята бібліятэк пераехала ў новае памяшканне Навасёлкаўская сельская бібліятэка, значна аднавілася прастора для чытачоў у Грозаўскай сельскай бібліятэцы.

Дарагія калегі! Паважаныя бібліятэкары, прыміце  самыя шчырыя віншаванні са святам! Жадаю вам, каб вы мелі магчымасць і натхненне для ажыццяўлення ўсіх новых ідэй і праектаў. Словы вялікай удзячнасці ветэранам бібліятэчнай справы. Моцнага ўсім здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту.

Таццяна СЕРАЯ,

дырэктар Капыльскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы