Літаратурна-музычная імпрэза «Памяць дарог» прысвечаная стагоддзю са дня нараджэння Анатоля Астрэйкі

Астрэйка Анатоль

Капыльская цэнтральная раённая бібліятэка з 7 мая 1980 года па пастанове Савета Міністраў БССР, па просьбе жыхароў райцэнтра, носіць імя нашага слаўнага земляка Анатоля Астрэйкі. Капыльская зямля дала беларускай літаратуры каля 40 паэтаў і пісьменнікаў. Але менавіта шчырыя, адкрытыя прызнанні Капылю ў любові

Я шчыра ганаруся тым, што
Родам сам з-пад Капыля

якія вызначаны эпіграфам нашага свята праніклі ў душы жыхароў горада. Такой шчырай і моцнай з’яўляецца і наша памяць аб Анатолю Астрэйку. З гонарам носіць імя – гэта і вялікі абавязак перад памяццю аб паэце.

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя А.Астрэйкі, у Песачанскай сельскай бібліятэцы на радзіме паэта – адкрыты пастаяннадзеючыя выставы, прысвечаныя паэту. У краязнаўчай картатэцы і на выставачным планшэце сістэматызаваны бібліяграфічныя звесткі аб земляку. На сайце нашай бібліятэкі на імя Анатоль Астрэйка раскрываюцца фактаграфічныя звесткі і вершы, прысвечаныя гораду.

А наогул, галоўнай нашай задачай з’яўляецца папулярызацыя творчасці, раскрыццё мнагаграннага таленту творцы. Распрацаваны і з цікавасцю штогод праходзяць ва ўсіх бібліятэках раёна тры літаратурна-музчныя кампазіцыі, праводзяцца віктарыны, прысвечаныя творчасці А.Астрэйкі.

Ва ўсіх краязнаўчых мерапрыемствах мы выкарыстоўваем вершы А.Астрэйкі. Яны пявучыя, кранаюць душу, емка і прыгожым словам услаўляюць родную зямлю.

У гульні-падарожжы “Па запаведных мясцінах нашай Капыльшчыны”, амаль усе вершы толькі А.Астрэйкі. Калі мы працавалі над складаннем сцэнарыя, то аб рэках раёна, пра балоты, верш дуб,  яго верш “Па чыей, я не ведаю, ласцы” лепш за ўсё лажыўся ў нашы матэрыялы.

Яго словы з жыццясцвярджальнага верша “Пражыўшы век”.

Паклон табе, мой адшумеўшы сад,
Другога не хачу я лёсу…

быў эпіграфам да вечарыны, прысвечанай былому кіраўніку нашай установы Ідаліі Канстанцінаўне Чаркас.

Сёння я магу смела сказаць: які напрамак работы бібліятэк сістэмы не ўзяць – усюды паэзія Астрэйкі, бо яна шматколерная, глыбокая. Паэтычнае слова і цяпер жыве на Капыльшчыне, шчыруюць маладыя паэты ў літаб’яднанні “Вясёлка”, а эпіграфам усей дзейнасці таксама словы А.Астрэйкі.

Вось збіраю словы па крысе
І на чыстай іх паперы сею
Плен які сяўбе мне прынясе, —
Я пасля, увосень, зразумею.

А цытата з верша

Суладнасць кветак, дрэў і траў
Прыродай так размеркаваны,
Калі ты іх няшчадна пазнішчаў,
Дык будзе сам ашальмаваны.

стала дэвізам нашай экалагічнай работы, якая адзначана на ўзроўні рэспублікі.

Калі пішам сцэнарыі да мітынгаў аб перамозе, зноў выкарыстоўваем толькі яго вершы, яны самыя пранікненыя.

Благаславён хай будзе у стократ
Той дзень, той час жаданага світання,
Калі савецкі ўзброены салдат
На беларускія палеткі стане.

Анатоль Астрэйка – паэт, які шчыра, вялікім сэрцам любіў сваю родную Капыльшчыну з яе непаўторнай прыродай, але ён любіў нашу Беларусь, пісаў пра яе пранікнена. Я не крытык, я чытач, таму скажу так, пісаў так, што бярэ за душу, “пранікае ў самае сэрца”.