ЕСЦЬ ЧАМУ ПАВУЧЫЦЦА

На мінулым тыдні на Капыльшчыне адбыўся двухдзённы семінар-вучоба, так званая Школа дырэктара, дзе сустрэліся кіраўнікі цэнтральных раённых бібліятэк сталічнай вобласці. Была абмеркавана тэма «Гісторыя бібліятэк Міншчыны: публічныя бібліятэкі Капыльскага раёна – мінулае і шляхі наступнага развіцця».

Як і павінна быць на такога кшталту мерапрыемствах, рэалізавана практычная частка, падчас якой госці наве­далі шэраг бібліятэк раёна, і выніковая — круглы стол, дзе гучалі выступленні кіраўнікоў семінара, меркаванні аб убачаным і пачутым падчас паездкі, ставіліся пэўныя задачы па далейшай дзейнасці бібліятэчнай сістэмы вобласці.

У рабоце семінара ўзялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік аддзела культуры Наталля Царкова, дырэктар раённага краязнаўчага музея Валяціна Шуракова.

Зусім невыпадкова, што знаёмства з бібліятэкамі ра­ёна пачалося з Пясочнага. Добра вядома, што там нарадзіўся знакаміты паэт-песеннік Адам Русак, 105-годдзе якога шырока адзначылі ў бягучым годзе. Менавіта гэтай даце і была прысвечана літаратурна-музычная кампазіцыя «Хай цвітуць твае прасторы, хай красуе гай!», падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі Песачанскай СШ і Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната пад кіраўніцтвам бібліятэкара Надзеі Баранавай. У праграме гучалі як успаміны пра вядомага зямляка, так і ўрыўкі з яго твораў, у тым ліку і інсцэніраваныя. Не меншую цікавасць выклікала і наведванне музейнага пакоя Адама Русака ў Песачанскім СДК, пра стварэнне якога расказала Валянціна Шуракова.

Пра ролю і месца Лясноў­скай сельскай бібліятэкі ў творчым развіцці асобы ішла гутарка падчас наведвання гэтай установы культуры. Бібліятэкар Святлана Лазара­ва расказала пра шматлікія выставы, якія дзейнічаюць у бібліятэцы, работу гурткоў. Адметна, што адзін з іх – лялечны тэатр «Пятрушка» — добра вядомы нетолькі мясцовым жыхарам. Літаральна днямі адна з самых актыўных яго ўдзельніц адзінаццацікласніца мясцовай школы Марыя Чыжык вярнулася з Белавежскай пушчы, дзе былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу, на якім гурткоўцы з Ляснога занялі трэцяе месца. А да гэтага былі перамогі на раённых і абласных спаборніцтвах, выступленні перад выхаванцамі дзіцячага сада і школы. I ўсюды юныя артысты мелі вялікі поспех. Трэба сказаць, што тэма большасці спектакляў «Пятрушкі» — экалагічная. Цесна звязана з яго работай і дзейнасць яшчэ двух дзіцячых аб’яднанняў — экалагічнага клуба «Лесавічок» і клуба цікаўных «Пазнайка». Наогул Святлана Іванаўна вялікае значэнне надае рабоце з дзецьмі, і самае галоўнае — у яе гэта цудоўна атрымліваецца. Таму прыкладам паслужыла дэманстрацыя літаратурна-пазнавальнай гульні з малодшымі школьнікамі.

А ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы, як расказала яе загадчыца Надзея Рудэнка, адным з асноўных кірункаў сваёй работы лічаць літаратурнае краязнаўства, выніковасць работы ў якім прадэманстравалі ўдзельнікі тэатра фланелеграфіі, паказаўшы «Легенду пра Цімкавічы».

Спадзяемся, надоўга запомніцца ўдзельнікам семінара наведванне ў Цімкавічах музея яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка, класіка беларускай літаратуры Кузь­мы Чорнага, з жыццём і творчасцю якога пазнаёміла дырэктар музея Людміла Ніжэвіч. Дарэчы, гэта было не адзінае наведванне музейнай установы. Назаўтра госці завіталі ў Семежава, дзе пабывалі ў музеі Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага і раённым Цэнтры ткацтва, які таксама з’яўляецца скарбніцай народнай творчасці. Тут жа адбылося знаёмства з работай Семежаўскай сельскай бібліятэкі, дзе даведаліся пра інфармацыйнае абслугоўванне яе карыстальнікаў. Як прыемны дадатак да сустрэчы — свята «Багач». I ў Быстрыцы ўдзельнікі Школы дырэктараў такса­ма не абышлі бокам мясцовую бібліятэку.

Грунтоўная размова аб ролі Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А.Астрэйкі як цэнтра фарміравання інфармацыйнай прасторы раёна адбылася перад пачаткам круглага стала. Удзельнікі нарады атрымалі магчымасць пазнаёміцца з бібліятэкай і яе супрацоўнікамі, на свае вочы ўбачылі работу сайта, наведвальнікі якога маюць магчы­масць пакінуць запыт пра інфармацыю, што іх цікавіць, і хутка і дакладна атрымаць адказ. Дырэктар Капыльскай ЦРБ Таццяна Серая, на пра­вах гаспадыні, расказала аб дзейнасці бібліятэчных устаноў Капыльшчыны, пазнаёміла з іх мінулым і днём сённяшнім, акрэсліла асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца работнікі галіны, і шляхі іх рэалізацыі. Падчас выніковага пасяджэння выступілі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Краўчонак, загадчык адцзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Іна Даўматовіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце аблас­ной бібліятэкі Вольга Малюга.

У адным выступоўцы былі адзінадушнымі — у бібліятэках Капыльшчыны ёсць чаму павучыцца.

Фатаграфii мерапрыемства можна паглядзець тут.

САКОВІЧ, М.//Слава працы. — 2009.- 30 верасня.-С.1,6