Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца : аповесці

0003

Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца : аповесці : для дзяцей сярэд. шк. узросту / уклад. М. Н. Мінзер. – 2-е выд. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 176 с.  (Пераходны ўзрост). «Для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту» — падманвае чытачоў анатацыя кнігі, у якой нават сама паслядоўнасць тэкстаў уплывае на іх успрыманне.

Аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» варта парэкамендаваць не толькі школьнікам і іх бацькам, а — як абавязковае чытанне — педагогам-пачаткоўцам. Так лёгка ўсё няправільна зразумець, калі настаўнік адчувае сябе няўпэўнена на пачатку прафесійнага шляху. Уласныя працоўныя клопаты засланяюць свет — і няма душэўных сіл, каб разабрацца ў сітуацыях, якія дарослым здаюцца неістотнымі, а для нейкага таварыша «сярэдняга школьнага ўзросту» складаюць невырашальную праблему. Прапусціўшы галоўнае, настаўнік пачынае бездапаможна ваяваць з сімптомамі, паўсюль падазраваць негатыў. І не заўважаць, як сімпатыя ад безнадзейнасці і неразумення маскіруецца пад нелюбоў, а хуліганскія выбрыкі робяцца адзіным спосабам прыцягнуць увагу настаўніцы.

Структура зборніка стварае дадатковыя эфекты і гуляе чытачом: фантастычная аповесць Раісы Баравіковай «Казімір — сын Ягайлы + Насця з 8 «Б» = /» рыхтуе глебу для аповесці Алеся Наварыча «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу». Калі вы паверылі ў пазачасавую сувязь вялікага князя Казіміра і Насці з 8 «Б», то як належнае прымаецца летаргічны сон манаха ў творы Наварыча. І тым больш нечаканым становіцца рацыянальнае вытлумачэнне цудаў. Чытач толькі-толькі пагаджаецца з рэалістычнасцю твора, як у наступны момант героя падпільноўваюць невытлумачальныя дзівосы. Як на арэлях!  Сапраўды, паслядоўнасцю аповесцяў ствараецца шырокая амплітуда: ад асабістай трагедыі маладой настаўніцы праз фантастычна-гістарычнае каханне да гістарычна-фантастычнага розыгрышу. І хоць пераважная большасць персанажаў — дзеці, у творах ёсць сюжэтная і ідэйная шматслойнасць, якая робіць іх цікавымі і для дарослых.

Ёсць кнігі для дзяцей і кнігі пра дзяцей. Гэтая кніга — пра дзяцей…